На базе Даляньскага Політэхнічнага ўніверсітэта праходзіць Форум Кітайска-Беларускай асацыяцыі ўніверсітэтаў. У складзе дэлегацыі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ― рэктар Сяргей Антонавіч Каспяровіч і начальнік міжнароднага аддзела Віталь Анатольевіч Халецкі.
У першы дзень працы форуму адбылася кансультацыя дэлегацыі Паўночна-Ўсходняга ўніверсітэта на чале з прарэктарам Тань Лісін. Бакі абмеркавалі розныя фарматы супрацоўніцтва, уключаючы акадэмічны абмен студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама падачу заявак на фінансаванне навуковых праектаў.
Таксама на форуме быў прадстаўлены дыстанцыйны даклад ад БрДТУ, прысвечаны стварэнню робататэхнічных сістэм і прымяненню штучнага інтэлекту пры аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Дакладчыкамі выступілі загадчык вучэбнай навукова-практычнай лабараторыі «Прамысловая робататэхніка» Касьянік Валерый Віктаравіч і загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій, прафесар Галаўко Уладзімір Адамавіч.
На пасяджэнні кластара «Інтэлектуальная вытворчасць» Сяргей Антонавіч прадставіў даклад аб вопыце ўніверсітэта ў галіне лічбавага інжынірынгу.
Асобна варта адзначыць, што ў рамках форуму было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам і Даляньскім політэхнічным універсітэтам (Dalian University of Technology), які адзначае сваё 75-годдзе. Свае подпісы пад дакументам паставілі рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Антонавіч Каспяровіч і рэктар партнёрскага кітайскага ўніверсітэта Цзя Чжэньюань.